Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць

Падвойнае ткацтва было вядома са старажытных часоў у розных краінах свету, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на тое, што ў пэўны перыяд выраб падвойных дываноў стаў вялікай рэдкасцю, тэхнікай гэтай валодалі лічаныя людзі. Тым не менш, гэта традыцыйны для Беларусі від народнага ткацтва.

У Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі сабрана вялікая калекцыя падвойных дываноў (20 адзінак). Шэсць з іх маюць багатую гісторыю. Астатнія вытканы народным майстрам В.І.Белакоз у перыяд з 1990 года да пачатку 2000-х гадоў.

Першы экспанат у гэтай калекцыі з’явіўся ў 1981 годзе. Паэтэса Ларыса Геніюш, дзед якой жыў у Гудзевічах, ахвяравала музею падвойны дыван з надпісам “1900R”. Дзякуючы такому каштоўнаму экспанату стваральнік музея Алесь Мікалаевіч Белакоз зацікавіўся тэмай падвойнага ткацтва і пачаў шукаць іншыя вырабы, выкананыя дадзенай тэхнікай.

У 1987 годзе святар Індурскага касцёла Казімір Жыліс ахвяраваў для музея падвойныя дываны. Сярод іх быў вельмі каштоўны дыван, датаваны 1898 годам. Гэта адзін з самых старажытных падвойных дываноў у Беларусі, на якім вытканы год. Яшчэ адзін дыван з Індуры вытканы ў 1926 годзе. Ён вылучаецца з усёй калекцыі сваёй сюжэтнасцю. Прычым, сюжэт не ў традыцыях старажытнага ткацтва, а вельмі сучасны: пад разгалістым дрэвам ваююць сабака з ваўком.

Святар Гудзевіцкай царквы Сень Мікалай Васільевіч таксама ахвяраваў музею падвойны ходнік. На ім выткана: “Пр. Гудев. церкви. 1932 г.” Яшчэ адзін ходнік ахвяраваў святар Масалянскай царквы.

Такім чынам, у калекцыі падвойных дываноў нашага музея апынуліся вырабы, вытканыя ў канцы ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя, два з якіх маюць больш за сто гадоў.

Мастацкія  якасці  і  назва  “падвойныя”  або  “двухасноўныя” (польск. “podwojna”,   “dwuosnowowa”,   англ.   “doublethread”)   вынікаюць   з   асаблівасцей тэхнікі выканання: на кроснах адначасова ствараецца дзве тканіны, якія злучаюцца паміж сабой у месцах узору. 

        Для двухасноўнага ткацтва характэрнай асаблівасцю з’яўляецца ідэнтычнасць малюнка на адным і другім баку палатна, што адрозніваюцца процілегласцю колеравага вырашэння. Дываны заўсёды двухколерныя, раней ткаліся з воўны, таму былі вельмі цёплымі, даўгавечнымі, маглі засцілацца і на адзін, і на другі бок.

Гэта вельмі складаны і ўнікальны від ткацкага рамяства, што і натхніла на ідэю адраджэння самой тэхналогіі ткацтва. І ў 1980-х гадах, калі супрацоўнікі Гудзевіцкага музея вырашылі заняцца вывучэннем тэхнікі падвойнага ткацтва, то з цяжкасцю адшукалі адзіную ў вобласці ткачыху, якая на той час яшчэ ткала падвойныя дываны. Гэта была Ядвіга Аўгустаўна Райская (1913-2003) з вёскі Адэльск Гродзенскага раёна. Вядома, што ў канцы 1930-х гадоў Ядвіга Аўгустаўна вучылася падвойнаму ткацтву ў рамесніцкай майстэрні дываноў у Сакулцы (польск. Sokółka).

Ад Я.Райскай пераняла і распаўсюдзіла гэтую традыцыю Вера Ігнатаўна Белакоз (1933 г.н.) – жонка заснавальніка Гудзевіцкага музея Алеся Белакоза. У 1970 годзе Вера Ігнатаўна арганізавала ў Гудзевіцкай СШ гурток, дзе дзеці вучыліся ткаць закладкі, паясы і гальштукі. У пачатку 90-х гадоў гурток пачаў працаваць на базе Гудзевіцкага музея, а Вера Ігнатаўна ўжо авалодала сакрэтамі падвойнага ткацтва і дзялілася імі са сваімі вучаніцамі. Вера Ігнатаўна Белакоз мае статус народнага майстра, з’яўляецца лаўрэатам прэміі А.І.Дубко.

У 2011 годзе вялася работа па сістэматызацыі і апрацоўцы сабраных матэрыялаў. Вынікі даследаванняў паказалі, што вытканыя ў Гудзевічах дываны адрозніваюцца ад традыцыйных дываноў Я.Райскай і кампазіцыйна, і размяшчэннем узораў. У музеі для вырабу падвойных дываноў выкарыстоўваюць штучную воўну – акрыл. Колеры былі абраны найбольш кантрасныя – чорны і чырвоны. Паколькі Вера Ігнатаўна Белакоз раней ткала перабірыстыя дываны і яны былі значна больш распаўсюджаныя ў нашай мясцовасці, то і ўзоры пераносіліся менавіта з такіх рэчаў на падвойныя дываны, што дазваляе зараз гаварыць пра адметную гудзевіцкую тэхналогію падвойнага ткацтва. Як вынік – Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 верасня 2011 года № 1214 традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў аг.Гудзевічы ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематэрыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А”: гісторыка-культурная каштоўнасць, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якой безумоўная і нязменная.

Для папулярызацыі падвойнага ткацтва ў музеі сталі арганізоўваць “Майстэрню падвойнага ткацтва”. Тут усе жадаючыя спачатку знаёмяцца з  тэарэтычнай часткай, дзе ідзе размова пра адметнасці падвойнага ткацтва, пра майстроў, якія яшчэ працуюць у гэтай тэхніцы, а потым ідзе знаёмства з працэсам: снаванне асновы, запраўка кроснаў, тканне падвойнага палатна. Набыты і сучасныя складныя кросны, з якімі супрацоўнікаў музея можна сустрэць на розных мерапрыемствах, дзе прэзентуюцца народныя рамёствы. На іх заснавана таксама падвойнае палатно, каб паказаць як мага большаму колу людзей унікальную тэхніку падвойнага ткацтва.