
15 чэрвеня 2024 г., у рамках Гудзевіцкага тэкстыльнага фэсту, прайшла летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”, дзе ўсе ахвотныя маглі стаць удзельнікамі майстар-класаў па ткацтву!
Напачатку мерапрыемства для ўсіх жадаючых была праведзена экскурсія па музейнай экспазіцыі, дзе прайшло знаёмства з ткацкімі прыладамі працы і найбольш цікавымі ўзорамі ткацкага майстэрства, у тым ліку і з калекцыяй падвойных дываноў.
З гісторыяй развіцця падвойнага ткацтва ў Гудзевічах прысутных пазнаёмілі Белакоз Вера Ігнатаўна (народны майстар, адраджальніца тэхналогіі падвойнага ткацтва ў музеі) і Камінская Марына Аляксандраўна (дачка Белакоз В.І., якая працягвае справу маці).
Але галоўнае, дзеля чаго ўсе сабраліся, гэта непасрэдна праца па асваенню тэхналогіі падвойнага ткацтва. Ахвотныя маглі стаць удзельнікамі майстар-класаў пад кіраўніцтвам Белакоз В.І. і Басінскай Кацярыны Вітальеўны (вучаніца Веры Ігнатаўны).
На летняй школе былі прадстаўлены і іншыя тэхналогіі ткацкага мастацтва Гродзеншчыны, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх - работы Шунейка Алены Феліксаўны (майстрыха валодае дзвюма рэдкімі тэхнікамі ткацкага мастацтва — аднабаковым пераборам і падвойным ткацтвам) і ткацтва каляровых узорных посцілак і дываноў Воранаўскага раёна. Ткачыхі тут жа дзяліліся сваім вопытам і сакрэтамі творчасці.
Захаванне і папулярызацыя ўнікальных традыцый ткацтва – справа важная і адказная. Летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва” і "Гудзевіцкі тэкстыльны фэст" яшчэ раз цудоўна прадэманстравалі, што ткацкія традыцыі жывуць і развіваюцца і ў наш час.