
Падчас вайны лісты з фронту былі адзіным, што звязвала салдат з сем'ямі. Лісты праходзілі цэнзуру, іх гублялі, яны рваліся, але ўсё ж такі даходзілі да хаты. Там іх зачытвалі да дзірак, запамінаючы фразы на памяць. Хтосьці пісаў пра баі, хтосьці – пра надзеі на хуткую сустрэчу. Салдаты перадавалі прывітанні і запэўнівалі родных — перамога будзе хутка.
Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэалізоўваецца абласны віртуальны праект “Лісты з фронту”. Удзельнікамі віртуальнага праекта з’яўляюцца ўсе дзяржаўныя музеі Гродзенскай вобласці.
На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея змешчана старонка віртуальнага праекта “Лісты з фронту”, на якой з сакавіка па снежань 2024 года будуць публікавацца франтавыя лісты, лісты-трохкутнікі, франтавыя дзённікі, фотаздымкі ваеннага часу з надпісамі, паштовыя карткі і іншыя дакументы і матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондавых зборах дзяржаўных музеяў Гродзеншчыны.
Пазнаёміцца з матэрыяламі віртуальнага праекта можна па спасылцы “Лісты з фронту”.
P. S. Там ужо змешчаны першы ліст-трохкутнік з фондаў нашага музея.