
У 2024 годзе ў Беларусі кожны месяц прысвечаны аднаму з віду турызму. У кастрычніку праводзіцца месяц рэлігійнага турызму.
Рэлігійны турызм – складанае паняцце. У першым выпадку пад гэтым тэрмінам разумеюцца падарожжы да рэлігійных цэнтраў і святых месцаў. Для ўдзелу ім неабавязкова быць вернікам ці прыхільнікам таго або іншага веравызнання. Дастаткова мець жаданне і магчымасць наведаць сакральныя аб’екты і пазнаёміцца з архітэктурнай спадчынай пэўнай рэлігійнай канфесіі. У другім выпадку пад рэлігійным турызмам разумеюць турызм паломніцкі. Паломнікі наведваюць святыя месцы той рэлігіі, якую яны вызнаюць, каб пакланіцца святыням або прыняць удзел у нейкім рэлігійным свяце.
Мы прапануем вам зараз адправіцца ў віртуальнае падарожжа да царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг.Гудзевічы.
Гудзевіцкі прыход вельмі старажытны. Ён утварыўся не пазней пачатку XV ст., а магчыма і раней. Сведчаннем гэтаму служыць грамата (прэзента), напісаная 4 ліпеня 1539 года князем Паўлам Гальшанскім, Біскупам Віленскім. У музеі захоўваецца фотакопія граматы, а арыгінал знаходзіцца ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта. У грамаце сказана:
“Мы, князь Павел Кежан з ласкі Божай Віленскі епіскап, адзначаем гэтым нашым лістом, што царкву Святой Прачыстай у нашым панстве ў Гудзевічах … з належачымі да яе здаўна землямі, сенажацямі, лясамі, гаямі, дубровамі, з рэкамі і з усімі даходамі і вольнасцямі, якімі здаўна яна карысталася … Іосіфу Пятровічу, яго жонцы і сынам далі на вечнасць, а ён згодна з абавязкам сваім павінен служыць божую службу і пастаянна маліцца перад Госпадам Богам за здароўе караля яго міласці, як і належыць кожнаму багамольцу. Гэты ліст пад пячаткаю нашаю далі. Пісаны ў Вільні 4 ліпеня 1539 года.”
Фотакопія граматы, напісаная 4 ліпеня 1539 года
А вось што піша пра заснавальнікаў-фундатараў Гудзевіцкай царквы святар Міхаіл Львовіч Кузьмінскі, які ў 1884 г. склаў царкоўна-прыходскі летапіс, карыстаючыся царкоўным архівам:
“О том, кто был основателем-фундатором Гудевичской Церкви, церковные документы говорят различно: например, в передаче Церкви Священнику Иоанну Гошалицкому 27 ноября 1733 года, … в визите Благочинного Священника Казимира Давидовича от 29 мая 1778 говорится, что Гудевичская Церковь основана Святейшими Королями Польскими”.
Такім чынам Гудзевіцкі прыход утварыўся не пазней пачатку пятнаццатага стагоддзя.
У царкоўным архіве захоўваліся візітныя запісы, у якіх упамінаецца пра два драўляныя храмы, якія былі адзін за другім.
Карціна «Царква XV ст. у Гудзевічах». Мастак Грыц Генадзь Міхайлавіч
Адзін з варыянтаў, як магла выглядаць драўляная царква
У 1852 годзе на сродкі прыхаджан пабудавана каменная чатырохвугольная прадаўгаватая царква, якая, праіснаваўшы 25 гадоў запатрабавала капітальнай перабудовы.
Звонку царква мела выгляд нізкага праўдагаватага чатырохвугольніка, з 10-ццю паўкруглымі, вельмі малымі вокнамі, з гонтавым дахам, зусім роўным і плоскім. І калі б на гэтым будынку не было крыжа, то цяжка было б распазнаць у ім царкву. Унутраны выгляд царквы адпавядаў вонкаваму. Алтар меў вельмі малое ўзвышша, так што вернікам не было відаць святара, які правіў службу. Замест іканастаса зроблена глухая драўляная сцяна, на якой знаходзілася некалькі маленькіх, дрэннага жывапісу ікон. Царскія вароты таксама драўляныя, без прасвету.
Вясною 1877 года былі сабраны сродкі на абнаўленне царквы і пад кіраўніцтвам Протаіерэя Віктара Абрамовіча, які ў той час быў настаяцелем, пачаліся работы па перабудове і былі скончаны 8 верасня 1877 года. Адноўленая царква была асвечана ў імя нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Новы храм меў выгляд крыжа, змураваны часткова з камянёў, часткова – з цэглы, атынкаваны і пабелены вапнай. Сцены звонку гладкія, толькі над вокнамі і дзвярыма карнізы. А над уваходнымі дзвярыма змяшчалася выява “всевидящего ока Божия в сиянии”, а ніжэй зроблена авальнае паглыбленне, для размяшчэння ў іх ікон. Такія паглыбленні, толькі значна большага памеру, былі на процілеглым баку.
Столь была ў царкве драўляная, падвойная, памаляваная блакітнай фарбай. У ёй змяшчалася 4 вентылятары (па два з кожнага боку), а пасярэдзіне (для лепшай ачысткі паветра) прарэзана адтуліна велічынёю як звычайныя дзверы, якія па меры неабходнасці можна зачыніць.
Зараз вентыляцыйныя адтуліны прыкрываюць іконы
Салея ўзвышалася на 14 вяршкоў (52 см), на ёй зроблены клірасы. Прастол адзін, звычайны, на каменным фундаменце.
Іканастас новы (1877 г.), вытанчанай работы, трох’ярусны. Памаляваны ў белы колер. У ім карнізы, разьба і ўсе рамы пазалочаныя. У іканастасе – 12 ікон, пісаных на палатне ў 1877 г. Царскія вароты складзены з разных вінаградных лоз, якія перапляталіся паміж сабой і ахоплівалі абразы Св. Евангелістаў і Добравешчання Прасвятой Багародзіцы.
У алтары зроблены дзве невысокія драўляныя перагародкі. За перагародкай з правага боку размяшчалася панамарня і стаялі куфры са свечкамі, а з левага боку захоўвалася некалькі найбольш ужывальных рыз і там жа апранаўся святар.
На самым відным месцы, у шырокай пазалочанай раме, размяшчаўся абраз Жыровіцкай Божай Маці, напісаны (у 1883 г. мастаком з Вільні Малохіным) алейнымі фарбамі па цынку на залатым фоне з арнаментам.
Агароджа вакол царквы была зроблена з брукавага каменя без вапны. У агароджу вялі сасновыя вароты, памаляваныя ў чырвоны колер. Яны былі ўмацаваны на двух каменных слупах, атынкаваных і зверху накрытых гонтай.
На тэрыторыі царквы ёсць пахаванні былых Настаяцеляў Гудзевіцкай царквы.
У 1909 годзе прыхаджане добраахвотна ўзяліся за пашырэнне храма. Была зроблена прыбудова прытвораў (а папярэдні прытвор адышоў да сярэдзіны царквы) на ўсю шырыню будынка. Зроблены ў царкве хоры і над прытворам узведзена званіца. У 1913 г. замест драўлянай падлогі ўкладзена тэрракотавая плітка.
З таго часу да нашых дзён Царква не перабудоўвалася, службы ў ёй ішлі ўвесь час, яна ніколі не зачынялася і заўсёды падтрымлівалася і падтрымліваецца ў добрым стане. У 1990 г. быў адрэстаўрыраваны абраз Жыровіцкай Божай Маці, напісаны ў 1883 г. Ён цяпер знаходзіцца ў алтары.
Зараз настаяцелям царквы з’яўляецца протаіерэй Мікалай Сень, які ўжо больш за чатыры дзясятка гадоў свайго жыцця прысвяціў прыходу Гудзевіцкай царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
І калі ў вас няма магчымасці прыехаць у нашу мясцовасць і наведаць царкву, прапануем да прагляду відэазапіс са святочнага богаслужэнне, прымеркаванага да 170-годдзя з дня заснавання храма.