
Многія ведаюць, для чаго выкарыстоўваюць чамадан – вядома ж, каб перавозіць рэчы! Таксама вядома, што музей – гэта месца для захоўвання рэчаў, якія, як раз нікуды перавозіць не трэба, і да большасці з іх нават дакранацца нельга. І як жа ён тады змясціўся ў чамадан?
Адказаць на гэтае пытанне дапамагла пазнавальная праграма «Музей у чамадане». Навуковы супрацоўнік Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Гедрэвіч Валянціна Фёдараўна пазнаёміла выхаванцаў летняга аздараўленчага лагера Гудзевіцкай СШ з унікальнымі прадметамі побыту беларускіх сялян, якія змясціліся ў чамадане. Знаёмства са зместам чамадана прайшло жыва і займальна. Дзеці з цікавасцю даведваліся, што такое ручнік, верацяно, лапці, прас, чаўнок, пранік, якімі карысталіся ў свой час іх прабабулі і прадзядулі.