Музейныя фонды

Музейны фонд – навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, якія захоўваюцца ў музеі.

Фонды Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея налічваюць больш за 17 000 музейных прадметаў, размеркаваных па 19 калекцыях.                      

Музейная калекцыя – сукупнасць музейных прадметаў, аб’яднаных адной або некалькімі прыкметамі, якая з’яўялецца адным цэлым і адначасова састаўной часткай музейнага фонду.

Найбольш цікавая і каштоўная калекцыя для нашага музея – “Народнае самадзейнае мастацтва”, у якую ўваходзяць разнастайныя дэкаратыўныя вырабы: тканыя, вышываныя, з саломы і лазы, з дрэва, якія выкарыстоўваліся для аздаблення хатняга інтэр’еру і ў паўсядзённым жыцці (саматканыя ручнікі, абрусы, посцілкі і т.п). Найбольшую каштоўнасць у калекцыі ўяўляе збор падвойных дываноў. У канцы 1980-х гадоў у музей былі перададзены падвойныя ходнікі з Гудзевіцкай і Масалянскай цэркваў, падвойныя дываны з Індурскага касцёла і дыван, вытканы ў 1900 г.

Калекцыя “Дакументы” адметная сваёй разнастайнасцю. Сюды ўвайшлі асабістыя дакументы, а таксама дакументы, фіксуючыя падзеі, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю. Вялікую каштоўнасць уяўляюць “Спавядальная кніга Гудзевіцкай царквы” за 1861 г. і “Ведамасць прыхажан Гудзевіцкай праваслаўнай царквы ў Гродзенскай губерні і павету, якія знаходзяцца ў Свіслацкім благачынні” 1845 г.                                                                          

Так як перадумовай стварэння школьнага музея сталі лісты пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў навукі і культуры, з якімі вялі перапіску школьнікі, а таксама чарнавікі і рукапісы твораў, кнігі з аўтографамі –  аднымі са значных зараз з’яўляюцца калекцыі “Друкаваныя выданні” і “Рукапісы”.

Таксама ў музеі сабраны разнастайныя творы жывапісу, графікі і скульптуры, якія складаюць калекцыю “Выяўленчага мастацтва”. Так у фондах музея захоўваюцца работы Аляксея Марачкіна, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Вячкі Целеша, Алеся Ліпеня, Дзмітрыя Іваноўскага, інш. мастакоў.   

  

Асобна хочацца вылучыць глобус на беларускай мове (выпушчаны ў 1939 г.), які належыў Беларускай Віленскай гімназіі, арыгінальны фотаздымак Францішка Багушэвіча канца ХІХ ст. і кнігу “Дудка беларуская” Мацея Бурачка (Францішак Багушэвіч) 1896 года.

Убачыць прадметы, якія з’яўляюцца часткай музейных фондаў можна ў  асноўнай экспазіцыі музея альбо на часовых выставах.