Гісторыя

Установа культуры “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” створана на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу арганізаваў былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Белакоз Алесь Мікалаевіч (1928-2016), заслужаны работнік культуры Беларусі. Школьны музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам. Менавіта яшчэ тады дзеці пад кіраўніцтвам Белакоза Алеся Мікалаевіча пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам і інш. Назбіралася многа матэрыялаў і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей. Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакойчыку (цяпер гэта 1-ая літаратурная зала).

У 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу. Тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, дзе пасля рамонту ў 1984 годзе была адчынена новая экспазіцыя, якая складалася з дзвюх літаратурных залаў, залы народнай творчасці і залы літаратурнага мастацтва. 

Яшчэ ў 1980 годзе калгас дапамог перавезці з в.Семярэнкі да музея сялянскую хатку. Перавозячы жыллё на музейную тэрыторыю, майстры захавалі ўсе дэталі і адметнасці пабудовы, адзінае, што печ склалі крыху меньшай, каб болей месца было для экскурсантаў. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. Пазней каля хаткі з’явіўся свіронак – гэта гаспадарчая пабудова, у якой раней захоўвалі збожжа. 

У 1990 годзе загадам Гродзенскага упраўлення культуры №10 ад 12.02.1990г. на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў №269 ад 17.01.1990г. наш музей стаў дзяржаўным. Тады ж пад музей быў перададзены 2-гі школьны будынак, дзе размясціліся музейныя фонды, а таксама былі аформлены дзве залы лёну і ткацтва, зала народнай медыцыны.

 У 1991 годзе два асобныя музейныя будынкі злучыліся трэцім, новым, што яшчэ больш пашырыла экспазіцыйныя плошчы, на якіх размясцілі залу, прысвечаную гісторыі вёскі і жыхарам гудзевіцкага рэгіёну, і залу карысных выкапняў.

У 2002 годзе адчынілася зала “Практычнага ткацтва”, дзе размясціліся некалькі дзеючых вялікіх кроснаў, на якіх супрацоўніцы музея ткуць прыгожыя посцілкі, ручнікі, паяскі, падвойныя дываны. Падвойнае ткацтва вельмі складанае, і нават раней мала хто з жанчын умеў ткаць такой тэхнікай, якая, дарэчы,  у 2011 г. была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ.

На працягу 2012–2014 гадоў быў праведзены рамонт у музейных залах, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, умацавана матэрыяльна-тэхнічная база, што значна палепшыла  інфраструктуру музея, павысіла ўзровень прыцягальнасці для турыстычных груп. 

Зараз у музеі ідзе актыўная работа па рээкспазіцыі. Ужо адноўлены і працуюць для наведвальнікаў дзве залы раздзела “Літаратурны свет Бацькаўшчыны” і дзве залы раздзела “Народнае ткацтва”.

У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейныя заняткі, праходзяць лекцыі, ладзяцца разнастайныя выставы, тэатралізаваныя мерапрыемствы.